ДЫСТРАФІ́Я АЛІМЕНТА́РНАЯ, хвароба галодная,
хвароба, што развіваецца пры адсутнасці ці недастатковым паступленні харч. рэчываў у арганізм. Адрозніваюць 3 стадыі Д.а. На 1 -й стадыі хваробы зніжаецца маса, павышаюцца апетыт, смага, лёгкі ацёк, на 2-й — значныя пахудзенне і ацёкі, мускульная слабасць, цяжкія запоры, паніжэнне т-ры цела, на 3-й стадыі знікае тлушчавая клятчатка, атрафіруюцца мускулы, слабасць, ацёкі ўсяго цела, парушэнне псіхікі. Ускладненні: падае артэрыяльны ціск, анемія, лейкацытапенія, дыспепсія, полінеўрыты, паркінсанізм, зніжэнне памяці, інтэлекту і інш. Лячэнне: паўнацэннае (у невял. дозах) і частае харчаванне, глюкоза, бялковыя прэпараты, пераліванне крыві, саграванне.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)